У Гродне пасля адмены пачалі вяртацца квізы. Арганізатары «Мозгобойни» абвясцілі пра правядзенне сваіх гульняў: сустрэчы адбудуцца 16 і 20 жніўня. Іншыя арганізатары гульняў пакуль маўчаць.
«Мозгобойня» вяртаецца
Арганізатары «Мозгобойни» ў Гродне паведамілі пра вяртанне да гульняў.
Найбліжэйшая гульня пройдзе 16 жніўня. Гэта «падвід» «Мозгобойни» — «Туц-Туц Квиз» «Хиты караоке» па рускамоўных трэках. На 20 жніўня ўжо запланаваная класічная гульня.
Іншыя квізы пакуль не вярнуліся
У іншага гродзенскага квіза — «Смузи» — сітуацыя пакуль не змянілася. Арганізатары ў каментарах у сваім акаўнце ў Instagram паведамляюць, што ўсе гульні да 20 жніўня адмененыя, а рэгістрацыі прыпыненыя.
Новай інфармацыі пакуль няма і ў «Матрешки» ды «VSпомнить VSё». Апошнія публікацыі арганізатараў гэтых гульняў з’явіліся каля двух тыдняў таму.
Чаму ў Гродне адмянілі квізы
Пра масавую адмену гульняў стала вядома ў пачатку жніўня. Інтэлектуальна-разважальныя гульні ў Гродне прыраўнялі да масавых мерапрыемстваў. Праз гэта арганізатарам неабходна атрымліваць дазвол на іх правядзенне.
Адным з першых пра адмену паведаміў гродзенскі квіз «VSпомнить VSё». Неўзабаве пра прыпыненне гульняў паведамілі і іншыя арганізатары — «Смузи», «Мозгобойня», «Угадай мелодию» і «Матрешка».
Большасць запланаваных на жнівень гульняў адмянілі. Рашэнне пра адмену квізаў выклікала актыўнае абмеркаванне сярод гродзенцаў. Жыхары горада пісалі ў сацсетках, што інтэлектуальныя гульні былі для іх добрым спосабам правесці вечар, сустрэцца з сябрамі і адпачыць.
Як атрымаць дазвол на масавае мерапрыемства
Дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства выдаюць у мясцовым выканкаме.
Падаць заяву трэба за 15 дзён да мерапрыемства. У заяве неабходна пазначыць даныя арганізатараў, мэты і месца правядзення мерапрыемства, а таксама меркаваную колькасць удзельнікаў.
Калі мерапрыемства адносіцца да катэгорыі культурна-выдовішчных, яго арганізатар абавязаны быць уключаны ў рэестр Мінкульта і мець гастрольнае пасведчанне.


