З 1 студзеня 2027 года Іўе выключаць з пераліку населеных пунктаў, размешчаных у зонах радыёактыўнага забруджвання. Такое рашэнне прынялі пасля абследавання тэрыторый: спецыялісты высветлілі, што ўзровень радыёактыўнага забруджвання і дозавая нагрузка на жыхароў знізіліся. Адпаведную пастанову Савета Міністраў падпісаў Аляксандр Турчын.
Што змянілася
Савет міністраў зацвердзіў новы пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыёактыўнага забруджвання. Такія спісы пераглядаюць не радзей за адзін раз на пяць гадоў у залежнасці ад вынікаў радыяцыйнага маніторынгу. У новы пералік увайшлі 1845 населеных пунктаў і 33 аб’екты. Гэта на 177 населеных пунктаў і 16 аб’ектаў менш, чым у дзеючым спісе, які быў зацверджаны ў 2021 годзе.
З пераліку выключылі, у прыватнасці, Гомель, Лунінец, Іўе і гарадскі пасёлак Лельчыцы. Пастанова ўступіць у силу з 1 студзеня 2027 года.
Пры гэтым для сем’яў, якія жывуць на тэрыторыях, выключаных з пераліку забруджаных, ільготы адменяць не адразу. Непаўналетнія дзеці, якія пражываюць і (або) навучаюцца ў населеных пунктах, выведзеных з зон радыёактыўнага забруджвання, могуць бясплатна харчавацца ва ўстановах адукацыі да чэрвеня 2027 года.
Што гэта значыць для Іўя
Дагэтуль Іўе адносілася да зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем. Такі статус азначае, што дадатковая гадавая доза апраменьвання жыхароў не мусіць перавышаць 1 мілізіверт. Пры гэтым у разлік не ўваходзяць натуральны радыяцыйны фон і медыцынскія працэдуры.
Разам з тым Іўеўскі раён цалкам «чыстым» не стаў. Паводле даных санітарных службаў, яшчэ ў 2023 годзе ў раёне налічвалася 43 населеныя пункты, размешчаныя ў зоне радыёактыўнага забруджвання, — гэта быў самы высокі паказчык у Гродзенскай вобласці.
Таксама паводле даных Іўеўскага лясгаса на пачатак 2026 года, 6567 гектараў ляснога фонду (7,37% тэрыторыі лясгаса) па-ранейшаму адносяцца да зоны радыёактыўнага забруджвання. Найбольш забруджанымі застаюцца Бакштанскае, Лепешскае і Юрацішкаўскае лясніцтвы. Спецыялісты працягваюць выяўляць перавышэнні зместу радыёнуклідаў у грыбах, сабраных у мясцовых лясах.
У 2025 годзе лабараторыя радыяцыйнага кантролю праверыла 234 пробы «лясной прадукцыі». У шасці выпадках змест цэзію-137 у свежых грыбах перавысіў дапушчальны ўзровень. Усе перавышэнні выявілі ў грыбах, сабраных у Іўеўскім і Лелюкінскім лясніцтвах. Сярод іх — сыраежкі, лісічкі, махавікі і польскія грыбы. Максімальны паказчык склаў 652 Бк/кг пры дапушчальнай норме 370 Бк/кг.
А з 2018 па канец 2023 года спецыялісты зафіксавалі 41 выпадак перавышэння зместу цэзію-137 у грыбах і лясных ягадах, сабраных у лясах Іўеўскага і Навагрудскага раёнаў: у 32 пробах грыбоў і 9 пробах ягад.



