У Гродне правядуць сустрэчы для дарослых людзей, якія хочуць знайсці сабе сяброў. Арганізуюць два мерапрыемствы: для ўдзельнікаў ад 18 да 35 гадоў, а таксама для людзей 35-55 гадоў.

Арганізацыяй мерапрыемства займаецца гештальт-псіхолаг Валерыя – дзяўчына спецыялізуецца на правядзенні сустрэч падобнага фармату ў розных гарадах краіны.

Двухгадзінная сустрэча праходзіць без рамантычнага падтэксту – дарослыя людзі сустракаюцца, каб проста пагутарыць і выйсці са звыклага ім сацыяльнага круга.

Мерапрыемства праходзіць у фармаце хуткіх знаёмстваў – гэта значыць, што дыялог паміж удзельнікамі доўжыцца каля пяці хвілін, затым суразмоўцу мяняюць. За вечар можна паразмаўляць прыкладна з 10 людзьмі. Валерыя дадае, што кароткі дыялог можа перарасці ў вечар у прыемнай кампаніі ці сяброўства.

Сустрэчы запланаваны на 9 жніўня, кошт удзелу – 30 руб. Мерапрыемства пройдзе ў кавярні «Дзюна», але патрэбная папярэдняя рэгістрацыя.

У каментарах пад публікацыяй Валерыі адна з гродзенак папрасіла арганізаваць падобную сустрэчу для ўдзельнікаў 60+.

Чытайце таксама: “Чалавеку патрэбны чалавек, жывы і цёплы”. Гродзенцы шукаюць сяброў праз сацсеткі – а што з афлайн-знаёмствамі?