У кватэры пенсіянеркі Валянціны Маслюковай, якая жыве на вуліцы Кабяка ў Гродне, лопнула труба на кухні. Жанчыне даводзілася днямі тэлефанаваць спецыялістам з ЖЭС, каб ухіліць паломку. На вырашэнне праблемы пайшло два тыдні, паведамляе ТРК Гродна. 

Спачатку Валянціна не звяртала ўвагу на праблему – толькі адзначыла, што цячэ халодная вада. Пасля сусед знізу паведаміў пенсіянерцы, што “вада падцякае”.

Выклікалі сантэхнікаў. Спецыялісты сказалі, што “лопнула труба, трэба мяняць”, і перакрылі пенсіянерцы ваду. Наступныя некалькі дзён пайшло на тое, каб Валянціна дала сантэхнікам доступ да трубы – там стаяў яе кухонны гарнітур. Па пратаколе, самі сантэхнікі адсунуць яго не маглі.

Яшчэ некалькі дзён у жанчыны пайшло на тое, каб датэлефанавацца да спецыялістаў – тэлефон не здымалі з чацвярга па панядзелак.

«Датэлефанавалася да інжынера, яна сказала: “Я буду разбірацца“. Потым прыйшоў сантэхнік і сказаў: “Пасля абеду прыйдзем”. Ніхто не прыйшоў», – распавядае Валянціна.

У выніку сантэхнікі ўсё-такі замянілі кавалак лопнутай трубы. Але, як аказалася, трэба было таксама абнавіць каналізацыйную трубу. Таму доступу да вады ў пенсіянеркі так і не з’явілася.

Каб вырашыць праблему, Валянціне трэба было набыць фрагмент адсутнай трубы за свае грошы. Пенсіянерка, абапіраючыся на інфармацыю з інтэрнета, сцвярджала, што выдаткі павінен пакрыць ЖЭС.

У каментары ТРК Гродна спецыяліст ЖЭС сказала, што каналізацыйная сістэма ў кватэрах знаходзіцца ва ўласнасці жыхароў, таму і плаціць за рамонт павінны яны. Калі ў кватэры пражывае адзін чалавек і грошай на матэрыялы ў яго няма, “прадпрыемства можа пайсці на саступкі”. Гэта значыць купіць неабходную трубу, а пасля ўлучыць яе кошт у жыроўку.

На спрэчкі паміж Валянцінай і ЖЭС пайшло яшчэ некалькі дзён. Хто ў выніку набыў матэрыялы, не паведамляецца, але трубы жанчыне замянілі. У кватэры з’явілася вада.

Чытайце таксама: Дом на Горкага капітальна адрэмантавалі, але праблемы засталіся. Асабліва скардзяцца маламабільныя жыхары