Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг кадравых прызначэнняў, сярод якіх ёсць рашэнні, што закранаюць і Гродзенскую вобласць. Выхадка з мясцовай прэсы Вольга Ануфрыева ўзначаліла «Беларусь Сегодня».
Дырэктарам — галоўным рэдактарам выдавецкага дома «Беларусь сегодня» прызначана гродзенка Вольга Ануфрыева. Ёй 47 гадоў.
Раней яна ўзначальвала выдавецкі дом «Звязда», а да гэтага працавала галоўным рэдактарам газет «Рэспубліка», «Вечерний Гродно» і намеснікам галоўнага рэдактара «Гродзенскай праўды». Таксама яна была дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання.
Пасада кіраўніка выдавецкага дома заставалася вакантнай з красавіка гэтага года, пасля прызначэння ранейшага кіраўніка Дзмітрыя Жука міністрам інфармацыі.
Гродзенская вобласць
Членам Гродзенскага аблвыканкама прызначаны Аляксей Іглікаў, які ўзначальваў Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці. У цяперашні час ён займае пасаду старшыні КДК Гродзенскай вобласці.

Ашмянскі раён
Старшынёй Ашмянскага райвыканкама прызначаны Андрэй Клышэўскі.
Раней ён займаў пасаду намесніка старшыні Ашмянскага райвыканкама, курыруючы пытанні архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Андрэю Клышэўскаму 41 год. У 2008 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, у 2019 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння ўніверсітэта праходзіў службу ў Узброеных Сілах.
З 2009 года працаваў настаўнікам інфарматыкі ў сярэдняй школе №1 г. Ашмяны, пасля — галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы Ашмянскага райвыканкама. З 2011 года ўзначальваў Жупранскі сельскі выканаўчы камітэт. З лютага 2021 года займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама.

Лідскі раён
Генеральным дырэктарам ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу „Лідсельмаш“» прызначаны Эдуард Шаль.
Раней, з 10 красавіка 2023 года, ён узначальваў ААТ «Лідаграпраммаш», дзе да прызначэння працаваў намеснікам дырэктара па эканоміцы.



