Інцыдэнт здарыўся на трасе Мінск—Гродна. Дзве пасажыркі засталіся на запраўцы, а кіроўца маршруткі з’ехаў. Адна з удзельніц звязалася з агрэгатарам паездак “Атлас”, але ў кампенсацыі дзяўчыне адмовілі — гісторыяй беларуска падзялілася ў Threads.
«Зварот сродкаў за паездку, якая не адбылася – адмоўлена. Маральная шкода – адмоўлена. Кампенсацыя за панесеныя выдаткі – адмоўлена. Адказнасці не нясуць. Плюс да ўсяго абвінавацілі ва ўсім нас», – абурылася беларуска.
Да паста дзяўчына прымацавала скрыншоты перапісак з “Атлас”. Паводле іх, беларуска не магла датэлефанавацца да кіроўцы, таму што ў яе не было яго нумара. Пры гэтым дзяўчына і яе сяброўка павінны былі даехаць у Гродна ў пэўны час – былі запісаныя ў візавы цэнтр на падачу дакументаў.
«Кіроўца быў абавязаны палічыць колькасць пасажыраў перад тым, як з’ехаць! Мы зайшлі ў прыбіральню, а потым за кавай, пасля таго як выйшлі з запраўкі ўбачылі аўтобус, які ўжо выязджае на трасу!» – апісала здарэнне супрацоўнікам «Атлас» дзяўчына.
У каментарах да паста беларуска дадае, што кіроўца стаяў з імі ў чарзе і бачыў дзяўчат.
«Купіў, што яму трэба, выйшаў і з’ехаў. Калі мы выйшлі на вуліцу я ўжо бачыла як аўтобус выязджае на трасу. Была надзея, што мы знойдзем нумар кіроўцы і папросім яго спыніцца, мы б дабеглі як-небудзь, але да Атласа мы датэлефанаваліся толькі праз 1,5 гадзіны і нумар кіроўцы па іх правілах яны не даюць ніколі», – піша беларуска.
У выніку “Атлас” пашкадаваў, што беларускам давялося сутыкнуцца “з такой стрэсавай сітуацыяй”. Разгледзеўшы дэталі паездкі супрацоўнікі не знайшлі падстаў для грашовай кампенсацыі, бо кіроўца аб’явіў працягласць санітарнага прыпынку і прастаяў на запраўцы 15 хвілін.
Рэзюмуючы здарэнне, беларуска дадае, што служба падтрымкі агрэгатара працуе толькі з дзевяці раніцы. Дзяўчына не разумее, што будуць рабіць пасажыры, якія патрапілі ў экстраную сітуацыю ўначы.
Фінал гісторыі аказаўся шчаслівым
Але на падачу дакументаў у візавы цэнтр Гродна беларускі ўсё ж паспелі. Дзяўчын падабрала папутка.
«Дзякуй добраму мужчыне, якога мы сустрэлі на запраўцы і ён пагадзіўся нас падвезці, калі б не ён, мы прапусцілі б запіс у візавы цэнтр і страцілі кучу грошай», — тлумачыць дзяўчына.
Чытайце таксама: Гродзенка паскардзілася на небяспечны ўчастак у цэнтры горада – у ДАІ праблемы не ўбачылі



