У Гродзенскай вобласці ў 2026 годзе плануюць знішчыць баршчэўнік Сасноўскага на плошчы 82 гектары. Гэта на 10 гектараў менш, чым годам раней: частку заражаных тэрыторый ужо ўдалося цалкам ачысціць ад небяспечнай расліны, але барацьба працягваецца. У кожным раёне вобласці склалі свае планы барацьбы з гэтым інвазіўным відам.

Пра гэта расказаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Адаменка, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна».

Амаль 70% баршчэўніка засяроджана ў трох раёнах

Самыя вялікія плошчы, дзе расце баршчэўнік Сасноўскага, знаходзяцца ў Ваўкавыскім, Навагрудскім і Карэліцкім раёнах. На гэтыя тэрыторыі прыпадае амаль 70% усіх заражаных земляў вобласці.

У Гродзенскім раёне засталося 19 гектараў

У Гродзенскім раёне да 2026 года плошчы, занятыя баршчэўнікам, таксама ўдалося скараціць. Цяпер ёсць 19 гектараў, занятых баршчэўнікам.

Яго скошваюць, а потым апрацоўваюць гербіцыдамі. Работы праходзяць на землях агульнага карыстання, у лесе, уздоўж дарог, на сельскагаспадарчых тэрыторыях і іншых аб’ектах.

Дзе баршчэўнік яшчэ не здаў пазіцыі:

  • вёска Тарусічы Падлабенскага сельсавета — каля 0,15 гектара,
  • аграгарадок Індура — 10 сотак,
  • Сапоцкін на вуліцы Школьнай каля яўрэйскіх могілак — 12 сотак,
  • каля вадасховішча Гродзенскай ГЭС і ў пасёлку Берагавы,
  • у асобных кварталах Гожскага, Сапоцкінскага і Нёманскага лясніцтваў — 2,6 гектара.

Па ўсёй Беларусі апрацуюць больш за 6,6 тысячы гектараў

Усяго ў Беларусі з траўня па верасень у гэтым годзе плануюць апрацаваць больш за 6659 гектараў, занятых баршчэўнікам Сасноўскага. Зараз найбольш эфектыўным спосабам барацьбы лічыцца хімічная апрацоўка. Для знішчэння расліны прымяняецца спецыяльны прэпарат «Тэрсан».

«Была б удавой». У Гродзенскай вобласці ў 2026 годзе знішчаць 82 гектары зараснікаў баршчэўніка
Баршчэўнік Сасноўскага. Фота sb.by

Як баршчэўнік Сасноўскага з’явіўся ў Беларусі

Баршчэўнік Сасноўскага з’явіўся ў Беларусі ў сярэдзіне XX стагоддзя. Расліну выявіла ў 1944 годзе ў гарах Месхетыі (Грузія) батанік Іда Мандэнава. Яе назвалі ў гонар даследчыка каўказскай флоры Дзмітрыя Сасноўскага. На яе звярнулі ўвагу навукоўцы, якія шукалі новыя кармавыя культуры для сельскай гаспадаркі.

У выніку баршчэўнік Сасноўскага прызналі перспектыўнай сіласнай раслінай: ён хутка рос, даваў вялікую зялёную масу і добра падыходзіў для кармлення жывёлы. З канца 1940-х гадоў насенне пачалі актыўна распаўсюджваць па даследных станцыях і гаспадарках, у тым ліку ў Беларусі.

І калі спачатку рост расліны спецыялісты кантралявалі, то пасля распаду СССР культура пачала імкліва распаўсюджвацца самастойна, ператварыўшыся ў адзін з самых небяспечных інвазіўных відаў у рэгіёне — агрэсіўны, устойлівы і небяспечны для чалавека праз фотатаксiчны сок, які выклікае цяжкія апёкі.

Чым небяспечны баршчэўнік

Сок расліны змяшчае рэчывы, якія рэзка павышаюць адчувальнасць скуры да сонечнага святла. Нават кароткачасовы кантакт можа прывесці да сур’ёзных апёкаў.

Калі сок патрапіў на скуру, спецыялісты рэкамендуюць неадкладна сысці ад сонца, старанна прамыць уражаны ўчастак вадой і звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Карыстальніца Threads напісала, што пасля пакосу баршчэўніка яе мужу стала блага, у яго развіўся анафілактычны шок, і мужчыну шпіталізавалі ў рэанімацыю. «Калі б хуткая прыехала хвілін на пяць пазней — я б стала ўдавой», — напісала яна.

Вопыт людзей

Іншы карыстальнік апісаў уласны эксперымент з раслінай: «У мінулым годзе вырашыў праверыць, наколькі ён рэальна ядавіты. Адарваў ліст і нанёс крыху на ўнутраны бок рукі. Апёг трымаўся тры месяцы. Пазней высвятліў, што гэта не проста апёг — ён на ўзроўні ДНК пашкоджвае клеткі. Прыкра небяспечная штука, не варта недаацэньваць».

Яшчэ адна карыстальніца падзялілася ўспамінамі з дзяцінства: «Дзядзька разбіраў хляўчук з голым торсам і вазіў смецце праз поле, дзе рос баршчэўнік. Было палючае сонца. Бабуля ўбачыла і адразу адправіла яго мыцца. Але потым усё роўна былі страшныя язвы, якія доўга не загойваліся. Некаторыя пухіры пакінулі глыбокія шнары».

Яшчэ адна гісторыя — пра дзіцячы вопыт і наступствы кантакту з раслінай: «У дзяцінстве быў пухір у раёне жывата, мне было каля пяці гадоў, памятаю дагэтуль. А ў дзядулі гэтая расліна справакавала мікраінсульт: падчас працы на полі ён закрануў баршчэўнік, страціў прытомнасць — выклікалі хуткую».

За зараснікі баршчэўніка пачнуць штрафаваць

З 19 чэрвеня 2026 года ўступае ў сілу артыкул 16.46 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Неажыццяўленне работ па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці асобных відаў раслін».

За непрыняцце мер па знішчэнні баршчэўніка і іншых інвазіўных раслін парушальнікам можа пагражаць штраф да 10 базавых велічынь — да 450 рублёў.