У Гродне 48-гадовы фітнес-трэнер закупляў прэпараты, якія выдаваў спартсменам-бодзібілдарам. У прэпаратах не знайшлі наркатычных або псіхатропных кампанентаў, але мужчыну ўсё роўна адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму.

Трэнер закупляў прэпараты анлайн. Пры экспертызе аказалася, што ў іх змяшчаюцца моцнадзейныя кампаненты, забароненыя ў Беларусі. На судзе трэнер прызнаў віну часткова. Адзначаў, што ў бодзібілдынгу немагчыма дабіцца вынікаў без спецыяльнай фармакалогіі.

«Тым не менш, сваімі дзеяннямі ён груба парушаў правілы падрыхтоўкі спартоўцаў і дзейнае заканадаўства», — піша прыбліжаны да сілавікоў Telegram-канал. 

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна прыгаварыў трэнера да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вырашальным фактарам пры вынясенні прысуду стала тое, што раней гродзенца судзілі за аналагічнае злачынства.

Таксама мужчыну абавязалі выплаціць штраф у 150 базавых велічыняў (6750 руб.).

Чытайце таксама: Да шасці гадоў турмы. У Гродне будуць судзіць падлеткаў, якія падвесілі школьніка на кручок у туалеце

Денис Мисюля