Дзяржаўная газета “Гродзенская праўда” прысвяціла некалькі пастоў у Threads візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў. Аўтары публікацый выкарыстоўвалі даволі рэзкія фармулёўкі – некаторыя каментатары звярнулі на гэта ўвагу.
«Пратэрмінаваная Света», «кіраўнік змагароў» і «паказушнае ўскладанне каля магіл наёмных нацыкаў (зямля ім шклаватай)» — так супрацоўнікі «Гродзенскай праўды» апісалі візіт Ціханоўскай у Кіеў.
У каментары пад пасты таксама прыйшло кіраўніцтва газеты: галоўная рэдактарка Таццяна Сяргеева, яе намесніца Анжаліка Кісляк, карэспандэнтка Мілана Дудко і Маргарыта Сяўко, а таксама аглядальніца Алена Худзік і рэдактарка інтэрнэт-рэсурсу газеты Анастасія Адосій.
Анжаліка Кісляк дзякуе Богу за тое, што ён «збераг нас ад такіх Свет». Падобную фармулёўку выкарыстоўвае і Маргарыта Сяўко.
Адзін з удзельнікаў абмеркавання выказаў здагадку: пост раскідалі па чатах вайбера, каб нагнаць каментатараў. «Не пі***і», – адказвае яму галоўная рэдактарка Таццяна Сяргеева. Адказваючы іншаму карыстальніку Сяргеева пажадала рака і дадала, што ў “адрас добрых людзей” гадасцяў не піша.
У каментарах ёсць удзельнікі абмеркавання, якія падтрымліваюць рыторыку газеты. Зрэшты, пакідаюць каментары і тыя, хто не згодны з фармулёўкамі супрацоўнікаў.
«Навіны скончыліся? Даўгунец адцераблі ўжо? Макрон не тэлефануе болей?» — піша адзін з каментатараў.
«А ці вам можна пісаць пра экстрэмізм? 15 сутак ці крыміналку не заробіце?» – цікавіцца іншы.
“Вам што Дзмітрый Мядзведзеў майстар-клас па капірайтынгу правёў?” – жартуе трэцяя каментатарка.
“Вельмі падобна на распальванне нянавісці па сацыяльнай прыкмеце”, – адзначае яшчэ адзін карыстальнік.
На гэтыя каментары супрацоўнікі не адказалі.
Святлана Ціханоўская прыехала ў Кіеў 25 лютага па запрашэнні Уладзіміра Зяленскага. Гэта яе першы візіт у краіну з 2020 году.
У рамках сустрэчы Ціханоўская прыме ўдзел у штогадовым Міжнародным саміце гарадоў і рэгіёнаў. Спікерка таксама наведала могілкі, дзе пахаваная 24-гадовая беларуская актывістка Марыя Зайцава.
Чытайце таксама: На дзяржканале выйшла інтэрв’ю з нібыта ўдзельнікамі стральбы ў Польшчы — усе яны з Гродзенскай вобласці






