Увесну 2026 прырост колькасці зваротаў расіян з нагоды куплі нерухомасці ў Беларусі вырас на 15-30% – такія лічбы агучваюць рыэлтары і аналітыкі. Сярод самых прыярытэтных напрамкаў вылучаюць тры гарады: Мінск, Гродна і Брэст.
Найбольш моцны рост назіраюць у Мінску — доля здзелак з удзелам расіян у агульным аб’ёме вырасла ў 2,5 раза, піша «РБК». Аднак аналітыкі адзначаюць: рост лічбаў звязаны не з фактычнай пакупкай жылля, а з водгукамі расіян на аб’явы. Рэальную карціну па продажы нерухомасці можна будзе ацаніць толькі ў канцы года.
Што тычыцца звестак Нацыянальнага кадастравага агенцтва Беларусі, то, паводле слоў экспертаў, тут трэба ўлічваць эфект нізкай базы. «10% здзелак з расіянамі ў Мінску ў сакавіку – гэта толькі каля 120 кватэр на ўвесь горад. І ў нас няма магчымасці параўнаць гэты аб’ём ні з якім іншым месяцам. Гэта падобна на вырваную з кантэксту лічбу. Для параўнання, у 2025 годзе месячныя ваганні ў нашым агенцтве складалі ад 1,15 да 7,83%. Пакуль гэта статыстычны шум, а не цунамі», – патлумачыла кіраўніца ўпраўлення рынку другаснага рынку жылля мінскага агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Анжэла Траццяк.
Чаму Гродна – у прыярытэце?
Па словах рыэлтараў, нерухомасць у Гродне і Брэсце цікавіць расіян перш за ўсё з-за блізкасці да Еўропы і турыстычных патокаў. Часцей за ўсё гэта пакупнікі, якія плануюць падарожжы ці бізнэс у еўрапейскіх краінах.
«Плюс, тут добры турыстычны паток і прывабнасць здачы жылля ў арэнду. Аналагічная сітуацыя ў Брэсце», – кажа намеснік дырэктара па аналітыцы партала Realt.by Андрэй Чарнышоў.
Чым беларуская нерухомасць прыцягвае расіян?
Эксперты выдзяляюць адразу некалькі фактараў, з-за якіх расіяне ўсё часцей разглядаюць нерухомасць у Беларусі. Сярод іншага гэта звязана з тым, што ў Беларусі яшчэ не блакуюць месэнджэры і інтэрнэт.
Таксама расіяне ўспрымаюць Беларусь як “ціхую гавань” без моўных і культурных бар’ераў. Трэці фактар - у Беларусі можна без абмежаванняў набыць нерухомасць з расійскім пашпартам. Выключэнні складаюць толькі зямельныя ўчасткі. Таксама расіяне разглядаюць куплю жылля для перапродажу і пад здачу.
Чытайце таксама: Расіяне прадаюць бізнесы і нерухомасць, каб купіць кватэру ў новым ЖК у Гродне



