Дом знаходзіўся па адрасе Будзённага, 52 – цяпер там нічога не засталося, піша «Вечерний Гродно». Дом разабралі на цэглу. Рэканструкцыяй будынка займаецца гродзенскае праектнае бюро «Інтэлсток Інжынірынг».
Па словах будаўнікоў, якія працуюць на аб’екце, частку цэглы вывезлі на базу – там матэрыял захоўваюць і чысцяць. Новы будынак абкладуць старой адноўленай цэглай.
Падобная практыка – з разборам будынкаў на цэглу – прымянялася ў Гродне і раней. Так зрабілі са старажытным домам на Васілька, 5 — праектам прадугледжвалася, што старую цэглу задзейнічаюць пры рэканструкцыі фасада. У выніку новы дом узводзяць з газасілікатных блокаў.
«Ніякая гэта не рэканструкцыя, а проста знішчэнне і навабуд», — выказваліся пра рэканструкцыю дома аўтары Telegram-канала «Спадчына».
Абедзве рэканструкцыі вядзе гродзенскае праектнае бюро «Інтэлсток Інжынірынг».
Што з’явіцца на месцы дома?
Кампанія плануе ўзвесці шматфункцыянальны будынак. Пры праекціроўцы хочуць змяніць аб’ёмы будынка, а таксама ўсталяваць фасадную сетку – праз яе будуць бачныя цагляныя фрагменты старога будынка. Так адлюструюць ідэю “захаваць сувязь паміж старым і новым”, — тлумачыў канцэпцыю архітэктар Віктар Варабей.
Чым вядомы дом на Будзённага?
Будынак знаходзіцца каля Генконсульства Польшчы ў Гродне. Дом на Будзённага пабудавалі ў пачатку ХХ стагоддзя ў стылі прымітыўнай эклектыкі. Дэкор моцна пацярпеў падчас капрамонту за савецкім часам.
З нулявых будынак паступова прыходзіў у заняпад і разбураўся. Дом некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыён. У 2023 годзе яго прадалі мінскай фірме «Актыўдэвэлапмент».
Дом на Будзённага не ўнесены ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей, але знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Гродна – па правілах, радыкальныя архітэктурныя змены ў гэтай зоне забаронены.
Чытайце таксама: Улады паказалі фотарэндары будучага будынка ў “тусовачным” дворыку – вось як ён будзе выглядаць



